Общество

Ад пагрозы № 1 да №5. Пра каго варта падбаць узімку?

Не ва ўсіх зіма асацыюецца з атмасферай каляднай казкі. Акрамя маляўнічых сумётаў, ажыўленых коўзанак і рознакаляровых гірляндаў зіма прыносіць умовы, у якіх бывае складана захаваць здароўе, а часам — выжыць. ІншыЯ падрыхтавалі гайд-нагадалку пра тое, па кім халодная пара б’е найперш, з падказкамі, як можна не заставацца ў баку ад чужой бяды.

Пагроза № 1: халады

Летась актывіст_кі адэскай ініцыятывы «САД», што займаецца дапамогай бяздомным людзям, выпусцілі фільм «Витіснені». У дакументальнай стужцы людзі без жытла распавядаюць пра свой побыт і сярод іншага дзеляцца, якой небяспечнай для іх ёсць зіма: пасля яе не ўсіх «сваіх» можна сустрэць у ліку жывых.

Гэта актуальна і для Беларусі, і для іншых краін. Людзі жывуць у закінутых будынках, пад брылямі крам, на цокальных паверхах, нават у каналізацыйных калодзежах. Зразумела, што пры мінусавых тэмпературах падобнае быццё робіцца невыносным — і людзі намагаюцца трапіць у пад’езды жылых дамоў. Але жыхары і жыхаркі часцей за ўсё не дазваляюць хаця б перачакаць калядныя маразы.

Ва ўсім свеце запускаюцца ініцыятывы, якія дапамагаюць людзям у цяжкім становішчы закрыць базавыя патрэбы, уладкавацца на працу, сацыялізавацца, пазбавіцца ад залежнасцяў і гэтак далей. Менская урбаністычная платформа аднойчы пісала пра практыкі ў «сталіцы бяздомных людзей» — Лос-Анджалесе. Напрыклад, ахвотныя маглі аплачваць адмысловыя жэтоны, якімі бяздомныя разлічваліся ў крамах і кавярнях.

У Беларусі доўгі час дзейнічалі актывісты, якія ладзілі раздачы гарачай ежы (Food Not Bombs) і медыкаментаў («Вулічная медыцына»), але пасля 2020-га з актывізмам у Беларусі стала складана. Працоўны варыянт дапамагчы сёння — заданаціць «Променю маяка»: яны гатуюць гарачыя абеды для людзей, якіх цяжкае становішча прывяло ў менскую начлежку на Ваўпшасава, і робяць іншыя добрыя справы для тых, чыё жыццё не цукар.

Чаму начлежкі не закрываюць усе зімовыя патрэбы бяздомных людзей? Трэба разумець, што заставацца там людзі могуць толькі з вечара да ранку, а ўдзень — мусяць шукаць прытулку ў іншых месцах. Начлежкі — гэта часовае выйсце: мяркуецца, што людзі адшукаюць працу і атрымаюць жылы кут ад працадаўцы. Дамовы заключаюцца на месяц і могуць падаўжацца, але не да бясконцасці.

Каб паглыбіцца ў кантэкст, раім паслухаць тэматычны выпуск падкаста «Утульны горад» — «Бяздомнасць у гарадах: адкуль паходзіць гэтая з’ява і што з ёй робяць у розных краінах?», а таксама падкаст «Іншыя гісторыі» з Янай, якая вядзе блог пра жыццё пасля бяздомнасці, спажывання псіхаактыўных рэчываў і досведу разнастайнага гвалту.

Дадатковыя праблемы зімой стварае так званая варожая архітэктура (hostile architecture). У халодную пару такія рашэнні робяцца яшчэ больш варожымі для часткі гарадскіх насельні_ц.

Варожая архітэктура — гэта канструктыўныя рашэнні, якія замінаюць сядзець (або сядзець доўга), ляжаць, увогуле з камфортам размяшчацца на вулічных паверхнях ці карыстацца публічнай інфраструктурай.

«Гэта не стылёвая лавачка, а лавачка, на якой нельга спаць». Фота: usfblogs.usfca.edu

Металічныя «шыпы» на пляцоўках пад дахам, лаўкі, якія падзеленыя на часткі парэнчамі, ці з нахіленымі сядзеннямі (або адсутнасць лавак), прыпынкі, на якіх у непагадзь вытрымаеш роўна да прыходу аўтобуса, смеццевыя бакі, з якіх немагчыма нічога дастаць, — гэта ўсё не дызайн, а акт выціскання часткі гарадскіх жыхар_ак з прасторы горада.

«Гэта не дзіўныя прыступкі, а прыступкі, на якіх нельга сядзець». Фота: Wiki

Канешне, узімку цяжка даводзіцца і жывёлкам. Калі ёсць магчымасць прытуліць хвастатага гаротніка хоць на нейкі час — плюс табе ў карму, добры чалавек! У сёлетнія маразы беларускія карыстальнікі Threads пісалі, як пускалі котак пагрэцца да сябе на працу або ў пад’езд.

Калі стаўбец тэрмометра паўзе ўніз, раім таксама пагартаць акаўнты прытулкаў для жывёл. Нехта просіць узяць гадаванцаў з вальераў на ператрымку, іншыя маюць патрэбу ў пледах і коўдрах. А яшчэ ў Threads прапанавалі цікавы спосаб дапамагчы птушкам: вычасаную поўсць сабак і катоў можна збіраць, каб потым выдаць яе крылатым на гнёзды. Але гэта — у спіс добрых спраў на вясну, а пакуль ідзем далей.

Пагроза № 2: адсутнасць ежы

Калі надвор’е лютуе, насельні_цам вуліцы складаней здабыць сабе харч. Варта падтрымаць ініцыятыву «Промень маяка», якая гатуе гарачыя абеды і збірае харчовыя пакеты для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Можна пацікавіцца, хто займаецца дапамогай бяздомным людзям у тваім горадзе ці мястэчку. Можна падтрымаць нейкага чалавека ў бядзе адрасна.

І самы час усталяваць на вакне ці ў двары кармушку, калі ты гэтага яшчэ не зрабі_ла. У халады птушкам патрэбна больш ежы, чым звычайна, таму што энергія сыходзіць на абагрэў цела, а да таго, што магло быць спажыўным на зямлі ці галінах, цяжка дабрацца з-за снегу. Яшчэ і цемра рана надыходзіць, а ў ёй што пабачыш?

Шыкоўная ежа для вераб’іных — сланечнікавае насенне або сумесь з насення сланечніка і аўса. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ласуюцца несалёным салам. Качкі акрамя збожжа зацэняць драблёную моркву, бурак, яблыкі. Вераб’і, зелянушкі, попаўзні, чыжы ў захапленні ад арахісу. Усё трэба браць чыстым, без дадаткаў, нават без солі — яна шкодная для птушак (як і батон, які шмат хто крышыць ніяк не адвучыцца!).

Прыкормам дзікай жывёлы ў маразы займаюцца ляснічыя. Яны кажуць, што важна правільна падтрымаць звяроў, захаваўшы іх здольнасць здабываць ежу самастойна. Так што замест таго, каб марыць пра падапечнага ваўка, лепей дбаць пра сабаку, што дрыжыць пад пад’ездам.

Пагроза № 3: слізгота і рэагенты

У вышэйзгаданым падкасце «Утульны горад» выходзіў эпізод «Снег напаў, пастух прапаў». Як гарады адаптуюцца да змены пор года?», дзе сярод іншага згадваецца праблема слізкіх ходнікаў.

Зіма — пікавы перыяд у траўматалогіі, і асабліва пакутуюць ад коўзкай паверхні сталыя людзі: з-за ўзросту іх целы больш ломкія і надоўга могуць страціць функцыянальнасць. Таму заклікаем прыглядацца да людзей, якія з цяжкасцю перасоўваюцца па наледзі, — магчыма, хтосьці не адмовіцца, каб іх давялі да прыпынку пад руку або паднеслі торбы. У прыватным сектары варта дапамагчы пажылым людзям, падворак якіх занесла гурбамі снегу.

Увогуле, калі пачынаюцца снегапады, варта найхутчэй брацца за шуфель. «Экадом» прааналізаваў сусветны досвед барацьбы са снегам і галалёдам і прыйшоў да высноваў, што галоўнае — своечасова і як след прыбіраць снег. Іначай ён хутка будзе ўтаптаны, ператворыцца ў коўзанку, якую застанецца адно што пасыпаць соллю, а гэты варыянт — праблемны.

Дарогі і ходнікі ў Беларусі звычайна пакрываюць сумессю пяску і солі. Люб_ая гарадск_ая жыхар_ка заўважыць шкоду, якую пясчана-саляная сумесь чыніць абутку — нават спецыяльныя сродкі догляду тут не заўсёды ўратуюць. Але ёсць тыя, хто цярпіць ад солі наўпрост: гэта жывёлы і расліны.

Дрэвы і кустоўе ўздоўж дарог атрымлівае салявы апёк. Трапляючы на лапы звяроў, пясок з соллю таксама выклікаюць пакуты: у жывёлак узнікаюць драпіны і мікратрэшчыны, развіваецца запаленне скуры, актывуюцца алергічныя рэакцыі. Такой парой трэба добра рыхтавацца да шпацыраў з сабакам — выкарыстоўваць адмысловыя крэмы і сабачы абутак, а пасля выгулу мыць лапы ўдвая старанней.

Калі да твайго дому прыбіўся вулічны кот ці сабака, і яны ідуць на кантакт, можна апрацаваць іх лапы спецыяльным ахоўным воскам, бальзамам ці крэмам з заакрамы. І, вядома, усім нам варта падключацца да прыбірання снегу і лёду там, дзе мы жывем.

Пагроза № 4: петарды і феерверкі

Феерверкі выклікаюць моцны стрэс у хатніх і дзікіх жывёл, у людзей з посттраўматычным стрэсавым разладам, высокай чуллівасцю і не толькі. Таксама феерверкі забруджваюць паветра, і, згодна са свежымі даследаваннямі, гэта шкодзіць здароўю і кагнітыўным здольнасцям усіх.

Існуе шмат даследаванняў пра тое, як пакутуюць ад феерверкаў птушкі. Напрыклад, вось тут падрабязна апісаны негатыўны ўплыў святочнай кананады. Птушкі адчуваюць непасрэдны боль ад ударнай хвалі і ў намаганні схавацца ад небяспекі ляцяць прэч на вялікія адлегласці: паводле назіранняў вучоных, падчас навагодняй ночы ў Нью-Ёрку гусі лятаюць у сярэднім на 40-150 метраў вышэй і на 5-16 кіламетраў далей, чым звычайна.

Птушкі шукаюць спакойнае месца, рызыкуючы здароўем і жыццём: у стрэсе яны могуць уляцець у перашкоду або знянацку трапіць у кіпцюры драпежнікаў. У дні пасля святочных выбухаў птушкам трэба больш часу, каб кампенсаваць страчаныя калорыі, і гэта яшчэ адна нагода ўключыцца ў падкормку крылатых бедакоў.

У ноч на 2021 год у Рыме загінулі сотні птушак, 1 студзеня 2025 года ў Балгарыі пацярпелі як найменш 606 юркоў. Падобныя масавыя смерці здараліся раней і пасля, але яны дасюль не вельмі даследаваныя.

Вядома, што феерверкі звычайна не забіваюць птушак непасрэдна, але становяцца прычынай фатальных сутыкненняў з перашкодамі і іншымі птушкамі, таму што яны пачынаюць больш інтэнсіўна перасоўвацца, абіраюць нязвычныя маршруты, губляюць адчуванне ўнутранага компаса і не вельмі добра бачаць у цемры. Да таго ж стрэсавая мітусня можа незваротна іх выснажыць.

У шматлікіх хатніх жывёл феерверкі выклікаюць паніку і страх. Сёлета беларускі сегмент Threads навадніла абмеркаванне гэтай святочнай забавы ў кантэксце ўспрыняцця сабакамі, часам дыскусія набірала сумныя абароты: выявілася, што ў феерверкаў шмат агрэсіўных аматара_к, якія патрабуюць «выхоўваць» сабак або пазбаўляцца ад іх.

Гэтыя людзі адмаўляюць факт: сабакі, каты, трусы, коні, куры і іншыя жывёлы, якія могуць чуць рэзкія гукі, часта пудзяцца. Жывёлы крычаць, уцякаюць і хаваюцца (некаторых сабак потым даводзіцца шукаць па раёне праз абвесткі), яны могуць абмачыцца і не толькі. Феерверкі выклікаюць у звяроў страх, бо інтэнсіўны, моцны і непрадказальны гук яны ўспрымаюць як прамую пагрозу жыццю. Калі чалавек прынамсі сочыць за календаром і разумее, што ўяўляюць сабой феерверкі, то жывёлы не ў стане зразумець, што адбываецца.

Пускаць ці не пускаць феерверкі — пытанне эмпатыі, і, падаецца, што ў рэгіёне, дзе ідзе вайна, гэта ўвогуле не мусіць быць пытаннем. Тым больш што для тых, хто не адчувае зімовае свята без рознакаляровых агеньчыкаў у небе, прыдуманыя ціхія dog-friendly феерверкі.

Таксама можна скарыстацца люмінесцэнтнымі палачкамі, бенгальскімі агнямі, канфеці, зробленымі з пялёсткаў і лісця (дзіракол табе ў дапамогу), ці напускаць мыльных бурбалак. Варта згадаць і пра спрадвечную прыгажосць прыроды, якая нікога не турбуе і велічная ў сваёй чароўнасці: сяброўская вечарына пад зорным небам ці каля вогнішча можа запомніцца сапраўды глыбокім пачуццём блізкасці.

Пагроза № 5: адзінота

Святочны перыяд можа прыносіць стрэс не толькі дэдлайнамі, але і пачуццём адзіноты. Парадаксальна, але можна зведаць гэты стан нават у пакоі, бітком набітым людзьмі. У блогу сэрвісу пра здароўе Symptomato эксперткі распавядаюць, чаму так здараецца:

  • Нашы чаканні не супадаюць з рэальнасцю. Мы назіраем карцінкі «ідэальных святаў» і адчуваем разрыў паміж стасункамі, якія ў нас ёсць і пра якія мы марым. Таксама праз несупадзенне жаданняў і таго, што маем, мы можам быць побач з людзьмі, але не быць уключанымі ў зносіны з імі.
  • Нас накрывае настальгія. Яна можа ўплываць пазітыўна, нагадваючы пра былыя сувязі і адчуванне прыналежнасці, але, калі мы пачуваемся самотна, успаміны пра былое могуць узмацняць непрыемныя пачуцці.
  • Святы прыносяць стрэс. Грашовыя пытанні, складаная лагістыка, сямейныя канфлікты, шчыльныя графікі — каб даць рады з гэтым, нам патрэбная эмацыйная падтрымка ад блізкіх. А яна ёсць не заўжды.

У якасці мер процідзеяння святочнай самоце псіхалагіні рэкамендуюць прызнаць гэтае пачуцце, скараціць сацыяльныя параўнанні, сфакусавацца на якасці размоў, а не на іх колькасці. Таксама карысна будзе ствараць новыя традыцыі, якія адлюстроўваюць твае рэальныя каштоўнасці, а не навязаныя сцэнары.

Увогуле сямейныя святы — час падбаць пра сябе і блізкіх, а калі ёсць на тое сілы — яшчэ і пра тых, каму самотна ў бягучых абставінах: пра сталых сваякоў, якія жывуць адзінока, сяброў, якія пакуль не знайшлі родных душ у эміграцыі, пра людзей у дамах састарэлых ці на стацыянарным лекаванні, людзей, якія перажылі страту або былі вымушаныя рэзка змяніць жыццё.

Павер, у змрочныя зімнія часы побач заўсёды ёсць чалавек, якому твая падтрымка будзе нялішняй. Магчыма, ты здольн_ая кагосьці нават уратаваць.