Скандалы

Чым цяпер займаецца Зарэцкая? Яна пераехала ў Арабскія Эміраты

У Эстоніі шукаюць, як вярнуць 2 мільёны еўра, выдзеленыя па праграме ЕС кампаніі LaavaTech Таццяны Зарэцкай. Яна сама тым часам разам з мужам прэвентыўна з'ехала ў ААЭ. Эстонская кампанія — «голая», піша Наша Ніва.

Стала вядома, што яшчэ ў 2024 годзе Еўрапейская пракуратура пачала расследаванне дзейнасці кампаніі LaavaTech, чыім заснавальнікам і публічнай асобай была беларуска Таццяна Зарэцкая.

Пракуратура налічыла 450 тысяч еўра шкоды, плюс ад Зарэцкай патрабуюць вярнуць 2 мільёны еўра гранта, выдзеленага на развіццё тэхналогіі па паскораным вырошчванні раслін, якой так і не стварылі.

Паведамляецца таксама, што на сумесную эстонскую маёмасць (коштам 300 тысяч еўра) Зарэцкай з яе мужам, фінам Юсі Маціясам Пікарайненам (Jussi Matias Pikkarainen), накладзены арышт, а на будучыя паступленні на эстонскія рахункі Зарэцкай у Эстоніі накладзены арышт да сумы 1,8 мільёна еўра.

З гэтых лічбаў можна зрабіць выснову, што эстонскія рахункі Зарэцкай былі пустымі і следства толькі спадзяецца, што калі-небудзь туды штосьці паступіць, каб канфіскаваць.

Сама эстонская кампанія — «пустая». Пасля спынення грантавых траншаў яна не вядзе дзейнасці, не здае справаздач. Апошняя фінансавая справаздачнасць па ўсіх нарматывах здадзена за 2023 год.

Але, што найбольш адметна, сама Зарэцкая разам з мужам даўно пакінулі Эстонію і афіцыйна паведамілі мясцовую падатковую службу, што з'яўляюцца рэзідэнтамі ААЭ.

Таццяна Зарэцкая стала рэзідэнтам Арабскіх Эміратаў 2 чэрвеня 2025 года, а яе муж — 10 чэрвеня 2025 года.

Перабраліся туды яны, як меркуецца, яшчэ раней, таму што нейкі час у ААЭ ўладальніку беларускага ці еўрапейскага пашпарта можна знаходзіцца без візы. Але сам статус падатковага рэзідэнта ААЭ не атрымліваюць толькі па факце колькасці праведзеных дзён, ён патрабуе прадпрымальніцкай візы або дазволу на работу.

Таксама звяртае ўвагу тое, што раней актыўная і прабіўная Зарэцкая закінула, закрыла, а месцамі нават вычысціла свае сацыяльныя сеткі.

Да таго яна дакументавала амаль кожны свой пералёт, ствараючы ўражанне чалавека, чый час каштуе грошай (адна з яе бізнэс-паслуг — продаж асабістых кансультацый). Але з вясны 2025‑га яе інстаграм-акаўнт стаў закрытым.

На апошнім апублікаваным фотаздымку — у маі 2025‑га — Зарэцкая стаіць на фоне сцягоў ЗША і Саудаўскай Аравіі: «Саудаўская Аравія — гэта месца, дзе быць. Зблізку назіраю, як робіцца гісторыя», — напісала яна, адзначыўшы горад Эр-Рыяд.

Фэйсбук Зарэцкая пачысціла ажно да публікацый за 2022 год. У Linkedin — сетцы, дзе яшчэ зусім нядаўна Зарэцкая прапаноўвала любому ахвотнаму за сціплыя $100 тысяч знаёмства з членам саўдаўскай кіроўнай дынастыі — таксама ўжо год няма новых публікацый.