Политика

Ціханоўская: «Ад свайго імя прашу ня крыўдзіцца, калі Сяргей выступае з рэзкімі заявамі»

У інтэрвію Свабодзе лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская — пра паводзіны мужа пасьля вызваленьня з турмы і партрэты палітзьняволеных, якія бярэ на сустрэчы.

Фото Радыё Свабода

— У вас розныя стылі з мужам. Вы — вытрыманая, уважлівая да кожнага сказанага слова. Сяргей эмацыйны, часам рэзкі.

На першай прэсавай канфэрэнцыі ён у вас пытаўся часам: «Ці слушна я сказаў, ці не нагаварыў лішняга?» Як вы гэты балянс знаходзіце?

— Вядома, мы гэты балянс павінны выпрацаваць. Ён прыслухоўваецца, калі я раблю нейкія заўвагі, што ён ужо ня ў той стэп пайшоў. У мяне іншая роля, я не магу сабе дазволіць сказаць тое, што можа ён. Можа, гэта і някепска.

Я бачу, што ён прынёс нейкую новую энэргію ў наш рух. Можа, мы час ад часу сябе штучна абмяжоўваем, каб не сказаць лішняга, нікога не пакрыўдзіць, бо павінны разумець наступствы нейкіх выказваньняў.

Сяргей зараз не пазыцыянуе сябе як палітык. Ён — чалавек, які камунікуе зь беларусамі, які кажа ўсё, што ён думае. Калі гэта некага крыўдзіць, я думаю, што мы можам на дадзены момант паставіцца да гэтага з разуменьнем, бо шмат чаго чалавек прапусціў. Можа, некага ягоныя словы пакрыўдзяць, але мы павінны разумець, што ён пяць гадоў правёў у ізаляцыі.

Ён пяць гадоў ня меў магчымасьці ні з кім пагаварыць, думкамі падзяліцца. І зараз яму гэта патрэбна, яму патрэбна абдымацца з людзьмі, яму патрэбна адчуць настрой, яму патрэбна выказаць усё, што ён захоўваў усе гэтыя пяць гадоў.

Таму я ад свайго імя прашу ня крыўдзіцца, калі Сяргей выступае зь нейкімі рэзкімі заявамі. Ён ня ўсё можа адчуць. Гэта ўсё выправіцца, скарэктуецца з часам.

І ён зможа зразумець нейкія межы, якія нельга перасякаць, ня будзе абвінавачваць беларусаў, што яны зрабілі недастаткова ці мала зрабілі.

Мы яму тлумачым, якая была сытуацыя. Я ўжо ня першы раз чую, што калі людзі выходзяць з турмаў, ім здаецца, што ўсё робіцца ня так, што вось я зараз прыйду і зраблю ўсё па-новаму, як трэба. А потым разумеюць рэаліі... Трэба разумець, што ня ўсё так лёгка, няма простых адказаў на цяжкія пытаньні.

— На першай прэсавай канфэрэнцыі, потым у некаторых інтэрвію Сяргей казаў, што ня ведае, чым там Офіс Ціханоўскай займаецца. Ці вы расказваеце яму, чым займаецца Офіс?

— Патрэбен час. Ён разумее, што ёсьць Офіс, што ёсьць Абʼяднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада. Яму трэба зразумець, як мы камунікуем, як мы каардынуемся, як працуем з грамадзянскай супольнасьцю, з мэдыя. То бок гэта пытаньне часу, калі ён увальецца ў наш рух.

Ён пяць гадоў выношваў свае пляны, свае думкі, як ён будзе працаваць, калі будзе на свабодзе. І, вядома, зараз у яго плянаў шмат.

Яму трэба купіць тэхніку, каб займацца сваёй блогерскай дзейнасьцю, каб працаваць з мэдыя. У яго ў плянах пабачыцца ў розных краінах зь беларусамі, якія яго шмат падтрымлівалі...

Напрыклад, у Варшаве на мітынгу ён пачаў гаварыць: чаму вы хаваецеся за маскамі? То бок ён адразу не зразумеў гэтых нюансаў, таму, можа, і пакрыўдзіў беларусаў.

Але мы павінны з разуменьнем ставіцца, бо патрэбны час, каб зразумець, што адбывалася ў Беларусі і за яе межамі гэтыя пяць гадоў.

Ён ва ўспамінах застаўся ў 2020-м годзе, калі адчуваў моцную энэргію, калі чэргі стаялі. Ён з такімі ж эмоцыямі і выйшаў.

І ён ня ведаў — ці павярхоўна ведаў — якія рэпрэсіі ў Беларусі, якія рэпрэсіі за межамі, як у Беларусі прыгнятаюць родных тых актывістаў, якія працуюць за мяжой, што ёсьць шмат праблем у беларусаў за мяжой, яшчэ больш — у беларусаў унутры краіны. Але ж гэта ўсё скарэктуецца.

Для мяне было вельмі важна, што ня трэба было яму тлумачыць асноўныя наратывы наконт рэжыму, наконт Украіны, напрыклад вайны. У яго ёсьць разуменьне, як трэба з рэжымам працаваць, што ніякім чынам ня трэба аслабляць ціск, бо толькі празь ціск можна зьмяніць паводзіны рэжыму. Гэта ня трэба было тлумачыць.

— Вы амаль пяць гадоў на ўсіх міжнародных сустрэчах былі з тэчкай, на якой быў партрэт Сяргея. Цяпер я бачу на сустрэчах, на нейкіх падзеях партрэты Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута.

Ці вы будзеце цяпер кожны раз пра розных палітзьняволеных такім чынам нагадваць?

— Я пастараюся на кожны візыт браць фота розных палітвязьняў і расказваць іх гісторыі. Раней быў Сяргей, пра яго ўсе ведалі. А ў турмах мноства людзей — таленавітых, яркіх, цудоўных, імёны якіх не гучаць так часта.

Пачынаецца, напрыклад, сустрэча, у мяне на стале партрэт палітвязьня. Пытаюць: «А хто гэта?» І праз вось гэтую тэчку я магу расказваць кожны раз новую гісторыю.

Калі я даю інтэрвію замежным СМІ, яны таксама пытаюць: «А хто ў вас на партрэце?»

У мяне будзе магчымасьць празь лёсы гэтых людзей, праз нашых герояў-палітвязьняў тлумачыць, што людзі ў турмах, што нічога ня скончылася, што рэпрэсіі працягваюцца.

І так больш людзей даведаюцца і пра Беларусь, пра лёс нашай краіны, пра нашых палітвязьняў, пра гуманітарны палітычны крызіс, што ўсё яшчэ пануе ў краіне.