Цыганкоў: «Стратэгічна, перамовы з ЗША – гэта плюс для Беларусі»

Пра апошнія падзеі, за якімі сочаць усе.

– Эмацыйны складнік зразумелы, я бурна радуюся разам з усімі. Што не адмяняе неабходнасьці паспрабаваць халодна прааналізаваць гэтую падзею, – піша аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл пасля перамоваў у Беларусі адказвае на пытанні журналістаў ужо ў Вільні. 11 верасня

1. У цэлым, стратэгічна, перамовы з ЗША – гэта плюс для Беларусі. Тут якраз той (ня часты апошнім часам) выпадак, калі хачу цалкам пагадзіцца з Зянонам Пазьняком у тым, што, па-першае, на сёньня галоўнае – гэта захаваньне сувэрэнітэту. Па-другое, часам інтарэсы рэжыму могуць у нейкім аспэкце супадаць з абектыўнымі інтарэсамі краіны Беларусь.

У інтарэсах дзяржавы Беларусь, сувэрэнітэт якой знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай, павялічваць сваю суб’ектнасьць. Перамовы з амэрыканцамі, безумоўна, павялічваюць гэтую суб’ектнасьць і сувэрэнітэт – аб’ектыўна, і рэжыму, і дзяржавы.

2. Трэба прызнаць, што калі мы ўсе ці, прынамсі, большасьць дэмакратычных сілаў кажам, што на сёньня галоўная задача – гэта захаваньне сувэрэнітэту і вызваленьне палітвязьняў, то тым самым устанаўліваецца пэўная сыстэма прыярытэтаў.

І зрынаньне рэжыму Лукашэнкі ў гэтай ярархіі прыярытэтаў міжволі адыходзіць на другі-трэці план. Гэта аб’ектыўна. Не таму, што нам гэтага не хочацца – а таму, што, як лічыць большасьць, у рэальнасьці на сёньня для гэтага няма аб’ектыўных падставаў.

Так што зараз дэмакратычныя сілы працуюць над вызваленьнем палітвязьняў і захаваньнем сувэрэнітэту (сустрэчы з замежнымі палітыкамі, прыняцьце рэзалюцыяў, праца з СМІ, захаваньне Беларусі ў міжнародным «парадку дня» і гэтак далей).

Але дэ-факта яны не займаюцца непасрэднай працай па адхіленьню Лукашэнкі ад улады. Гэта таксама можна безэмацыйна канстатаваць

3. ЗША дабіліся вызваленьня (і далейшай дэпартацыі) чарговай партыі палітвязьняў – зноў без асаблівых рэальных саступак са свайго боку. Зроблены выключна сымбалічныя крокі. Белавія як не лятала ў ЗША, так і ня будзе лятаць.

Калі яны змогуць чыніць амэрыканскімі запчасткамі самалёты – то няхай сабе, хто ж будзе супраць гэтага. Калі наступным пунктам у абмен на новых вызваленых будзе аднаўленьне працы амбасады ЗША ў Беларусі – то ўсе толькі абрадуюцца і гэтаму.

Лукашэнка гадамі браў Расею палітыкай «танная нафта ў абмен на пацалункі». Цяпер яго, як тубыльца за прыгожыя шклянкі, бяруць палітыкай «вызваленьне палітвязьняў у абмен на спрыяльныя твіты Трампа». Верхні паверх піраміды Маслоў – прызнаньне! Нават цяжка ўявіць, на што ён будзе гатовы пайсьці дзеля, напрыклад, асабістай сустрэчы з Трампам.

4.Расейскі чыньнік. Пакуль у Маскве шуры-муры Лукашэнкі з Вашынгтонам зьнешне не выклікаюць ніякага пярэчаньня – у іх саміх бурны раман з Трампам. Але ёсьць смутныя падазрэньні, што гэта не назаўжды.

Масква не давярае і Лукашэнку і ЗША і заўсёды будзе баяцца, што Вашынгтон захоча перацягнуць Лукашэнку на іншы ад Масквы бок. Урэшце, Вашынгтон гэта ня раз ужо даказваў, асабліва актыўна ў 2018-2020 гадах. А тое, што Лукашэнка гатовы будзе ў першай жа спрыяльнай сытуацыі імгненна перакінуцца («вовремя предать – это не предать. Это предвидеть!» – фільм Гараж) – у Маскве мала хто сумняваецца.

Так што ня выключана, што ў Крамлі могуць раззлавацца і задумаць нейкую апэрацыю па «принуждению к верности».

Урэшце, Лукашэнка за гэтыя гады навучыўся перадухіляць такія эксцэсы – бурным выражэньнем спрадвечнай вернасьці і бязьмежнай адданасьці.