«Гонар, але і адначасова вялізны боль». Марыя Зайцава, якая загінула на вайне, пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Украіны

«За мужнасць» III ступені – указам Уладзіміра Зяленскага.

Беларуская дабраахвотніца Марыя Зайцава, якая загінула на вайне, пасмяротна ўзнагароджана ордэнам ад Украіны. 9 жніўня ордэн быў пераданы Крысціне Шыянок, дырэктарцы Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы. Менавіта ў гэтай краіне жыла Марыя пасля вымушанага ад'езду з Беларусі і да таго, як паехала на вайну ва Украіну.

Крысціна Шыянок

— Марыя Зайцава атрымала ордэн пасмяротна за свой учынак — тут пазначана, што гэта ордэн за мужнасць трэцяй ступені за подпісам прэзідэнта Украіны. Гэта не адзіная ўзнагарода, якую Марыя атрымала пасмяротна, іншыя будуць пераданыя пазней. Пасля ўсе ўзнагароды будуць знаходзіцца ў сейфе офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, — кажа Крысціна Шыянок у каментары Салідарнасці.

Ордэн будзе захоўвацца там, па словах Крысціны, пакуль не будзе магчымасці перадаць яго маці Марыі:

— Гэта, безумоўна, гонар, але і адначасова вялізны боль. Сёння нам варта гаварыць не толькі пра перамогі і дасягненні дэмакратычных сіл і беларускай грамадзянскай супольнасці, але і таксама пра страты.  Гэтыя страты ўвайдуць у падручнікі па гісторыі Беларусі. Яны нагадваюць нам пра кошт, які мы плацім за свабоду, да якой імкнемся.

Калі мы будзем нагадваць сабе пра гэтыя страты, то яны будуць пэўнай матывацыяй працягваць, таму што загінулыя дабраахвотнікі і дабраахвотніца Марыя, памерлыя ў турмах палітзняволеныя, не могуць працягваць адстойваць свае пазіцыі. Мы мусім гэта рабіць за іх.

Тое, што Марыя была пасмяротна ўзнагароджана ордэнам, значыць, што ўкраінскі бок таксама бачыць цану, якую плацяць беларусы, дапамагаючы Украіне змагацца супраць расійскай агрэсіі.

У дадзеным выпадку мы маем першую ваярку ў гісторыі сучаснай Беларусі. І ад мяне толькі ўдзячнасць украінскаму афіцыйнаму боку за тое, што не абыйшлі трагічную смерть Марыі, і яна патрапіла ў спіс узнагароджанных.

Ордэн быў перададзены Крісціне Шыянок Дзмітрыем Громаковым, прадстаўніком Другога інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны.

— Маша, калі ішла на вайну, пазначыла маё імя як кантактную асобу на выпадак смерці. Але права на гэтую узнагароду маюць бацькі, у першую чаргу маці, з якой Маша жыла.

Я вельмі старалася не разрыдацца сёння. Гэта тое, з чым мне давядзецца жыць... Мы не можам вярнуць Машу, але мы можам спрабаваць захаваць памяць пра яе. Мы можам працягваць рабіць тое, што рабіла яна. А яна змагалася за свабодную Беларусь, за незалежнасць Украіны, — падсумавала Крысціна Шыянок.

24-гадовая беларуска Марыя Зайцава загінула пад Пакроўскам 17 студзеня, на наступны дзень пасля свайго дня нараджэння. Яна ўступіла ў шэрагі 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны ў тыя часы, калі ён толькі фармаваўся. На вайне Марыя была снайперам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)