Филин

Кацярына Батлейка

«Гусакоў генерыраваў крынж, Акадэмія навук хоць як прысутнічала ў інфапрасторы. Каранік жа абсалютна маркотны і выклікае толькі жаль»

Навуковец, публічны абаронца акадэмічных свабод, былы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук — пра магчымасці беларускай навукі і крытыку з боку Лукашэнкі.

Падчас нарады 5 жніўня, прысвечанай навуцы, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на гэтую сферу трацяцца вялікія дзяржаўныя сродкі, аднак, на яго думку, належнай аддачы няма. Акрамя таго, правіцель хоча, каб беларускія навукоўцы далучыліся да распрацовак у сферы штучнага інтэлекту, нейрасетак і біятэхналогій.

Ці магчыма гэта ва ўмовах, у якіх сёння існуе беларуская навука? Пра гэта і іншае Філін пагутарыў з навукоўцам-хімікам Сяргеем Бесарабам.

— Крытыка Лукашэнкі дэманструе абсалютнае неразуменне таго, як функцыянуе сучасная навуковая сфера. Патрабаванні наконт прарыўных дасягненняў у галіне штучнага інтэлекту, нейрасетак, біятэхналогій гучаць у тоне загаду — быццам гаворка ідзе пра выкананне вытворчага плана ў кароўніку, а не пра складаныя, высокатэхналагічныя навуковыя кірункі, — кажа Сяргей Бесараб.

Сяргей Бесараб

— Чым далей, тым мацней у мяне ўзнікае адчуванне сюррэалізму.

Усё тое, што з падачы лукашэнкаўскіх СМІ называецца «рэфармаваннем навукі», не мае ніякага дачынення нават да слова «рэформа». Бо рэформы — гэта змены ў сістэме, а мы штогод назіраем рытуальны акт з элементамі публічнай поркі і пошукам вінаватых.

Лукашэнка нібыта спрабуе высекчы мора навукі, помсцячы ёй за сам факт яе існавання, сублімуючы ў гэтым працэсе ўсю сваю некампетэнтнасць і дурны папулізм.

Апроч таго, лічыць навуковец, Лукашэнка пераносіць такім чынам адказнасць.

— У нас эканоміка топчацца на месцы, і, канешне, трэба знайсці вінаватага. Хто лепш падыходзіць на гэтую ролю? Адарваная ад народа інтэлігенцыя, якая нібыта праядае дзяржаўныя мільёны без відавочнай аддачы.

Навукоўцаў зручна вінаваціць у адсутнасці ўкараненняў замест таго, каб прызнаць, што ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі і поўнай адсутнасці канкурэнтага рынку ўкараненне ў прынцыпе немагчыма.

У нас працуе механізм кантролю і застрашвання. Дастаткова зірнуць, хто ўзначальвае групу па аналізе дзейнасці Акадэміі навук, — старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Гэта значыць, што навуку ў Беларусі «рэфармуюць» не дасведчаныя эрудыты, а людзі ў пагонах.

Таму асноўная мэта — не паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу, а забеспячэнне лаяльнасці і выканаўчасці. Навуковец павінен не ствараць, а выконваць дзяржзаказ па імпартазамяшчэнні. І любыя адхіленні ад «лініі партыі» — нагода для «разбору палётаў».

Але разбор палётаў можа рабіць і дурань — гэта ўсім пад сілу. У выніку мы маем чарговы спектакль перад тым, як чарговы раз не дадаць фінансавання.

То бок, гэта ніякія не рэформы. Рэформы — гэта стварэнне ўмоў, а не выбіванне справаздач, гэта пашырэнне акадэмічных свабод, а не ўзмацненне кантролю. Усё гэта — проста рытуальная ахвяра на алтары эканамічнай неэфектыўнасці.

Бесараб лічыць, што чакаць нейкіх рэальных прарываў у беларускай навуцы — гэта «навуковая фантастыка на мяжы з абсурдам». А нядаўняя змена Уладзіміра Гусакова на Уладзіміра Караніка на пасадзе старшыні прэзідыума НАН, на думку навукоўца, ніяк не паўплывае на дзейнасць акадэміі.

— Яшчэ раней у навуковай супольнасці хадзіў жарт, што калі заўтра прэзідыум Акадэміі навук раптоўна знікне, то мы заўважым гэта толькі праз пяць гадоў.

Ва ўсіх гэтых ліпавых акадэміках няма сэнсу. Яны могуць толькі задушыць ініцыятыву і рабіць вобраз лаяльнай Акадэміі.

У гэтым сэнсе Гусакоў выконваў сваю функцыю: ён генерыраваў крынж. Ён, так бы мовіць, прадстаўляў навуку ў медыйным полі. Ён быў смешным, яго цытавалі СМІ — і Акадэмія хоць як прысутнічала ў інфармацыйнай прасторы. Каранік жа абсалютна маркотны і выклікае толькі жаль.

Разважаючы, куды сёння рухаецца беларуская навука, Сяргей Бесараб адзначае, што сучасная навука — гэта агульнасусветны арганізм. І патрабаваць ад беларускай навукі заглядваць за гарызонт і адначасова закрываць яе ў падвал — справа загадзя асуджаная на правал.

— Навука — гэта не толькі чытанне артыкулаў, а бесперапынны дыялог з міжнароднай супольнасцю: канферэнцыі, нефармальныя кантакты. А ў Беларусі цяпер — толькі кантакты з Саюзнай дзяржавай, якая ледзьве цягне ногі. Ёсць Кітай, але для яго Беларусь у сэнсе навуковага супрацоўніцтва — гэта як школьнік, які добра здаў тэсты.

Беларусь ужо шмат гадоў барахтаецца ў калысцы ізаляцыі, а сусветны навуковы цягнік ідзе далей.