Праблема ў тым, што, як заўсёды бывае падчас канфлікту, тут перапляліся эканамічныя інтарэсы, пытаньні бясьпекі, імкненьне выйсьці з крызісу з захаваньнем палітычнага твару з абодвух бакоў.
Карбалевіч: «Лукашэнка можа ўручыць Коўлу яшчэ і прэзэнт у выглядзе замірэньня на мяжы зь Літвой»
Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву капіталізаваць крызіс на мяжы, піша палітычны аналітык Валер Карбалевіч на Радыё Свабода
Пакуль незразумела, ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву капіталізаваць крызіс на мяжы зь Літвой. Ва ўсялякім разе пакуль Беларусь нясе толькі страты. Было закрыцьцё мяжы з Польшчай, цяпер закрыцьцё мяжы зь Літвой. І тут страты не толькі эканамічныя.
Бо транзытны статус Беларусі — гэта стратэгічны рэсурс краіны.
Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы стаў галоўным пытаньнем як для замежнай, так і ўнутранай палітыкі і для Літвы, і для Беларусі.
Урад Літвы знаходзіцца, з аднаго боку, пад ціскам грамадзкай думкі, якая патрабуе жорстка рэагаваць на спыненьне працы віленскага аэрапорту ў сувязі з кантрабанднымі балёнасмі зь Беларусі. А зь іншага боку, ціснуць грузаперавозчыкі, якія нясуць вялікія страты і імкнуцца вярнуць свае фуры зь беларускай тэрыторыі. Літоўскае кіраўніцтва вядзе кансультацыі з суседзямі, каб узгадніць зь імі палітыку адносна Беларусі, апэлюе да ЭЗ, ЗША, просячы ў іх падтрымкі.
Аляксандар Лукашэнка апошнімі днямі тры разы абмяркоўваў сытуацыю на мяжы з Літвой, у прыватнасьці, тройчы прымаў старшыню памежнага камітэту Канстанціна Моластава.
Літва ацэньвае дзеяньні Беларусі як «гібрыдную вайну». У дадатак да мігранцкіх атак зьявіліся кантрабандныя балёны. Праблема не выходзіла на палітычны ўзровень датуль, пакуль паветраныя шары ня сталі пагражаць працы аэрапорту. А вось калі раз за разам пачалі спыняцца авіяпалёты з Вільні, узьнік скандал. Бо тут ідзецца ня толькі пра вялікія эканамічныя страты, якія нясе аэрапорт, але і пра авіяцыйную бясьпеку, урэшце пра міжнародны прэстыж Літвы.
Калі раптам сусьветныя авіякампаніі пачнуць адмаўляцца лётаць у Вільню, то гэта стане ўдарам па рэпутацыі краіны.
Літоўскі ўрад лічыць, што менавіта гэтыя кантрабандныя балёны зьяўляюцца першапрычынай праблемы. І, дзеля ціску на Менск, была закрытая мяжа. У адказ беларускія ўлады заблякавалі літоўскія фуры, якія аказаліся на беларускай тэрыторыі.
Беларускі бок на афіцыйным узроўні праблему кантрабандных балёнаў ігнаруе. Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю такім чынам, што, маўляў, гэта самі літоўцы запускаюць шары зь тэрыторыі Беларусі, і мы не зьбіраемся ім перашкаджаць. То бок Менск заняў такую ж пазыцыю, як і ў пытаньні з мігрантамі паўднёвых краін. Маўляў, мы не арганізуем гэтыя плыні, але і не перапыняем іх.
Гэта на словах. А на справе, нейкія дзеяньні, накіраваныя на зьмякчэньне сытуацыі на мяжы зь Літвой, усё ж робяцца.
https://gazetaby.plus/assets/webp/uploads/2025/09/photo_2025-09-27_09-05-18.webp
Валер Карбалевіч
Як ужо згадвалася, тройчы апошнім часам Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком памежнага камітэту, а таксама даў даручэньне Камітэту дзяржкантролю разабрацца з гэтымі кантрабанднымі цыгарэтамі. У выніку, спыніліся мігранцкія атакі на мяжы зь Літвой, колькасьць балёнаў зь беларускай тэрыторыі моцна паменшылася.
Здавалася б, на гэтай аснове можна было б шукаць кампраміс. Аднак пакуль не атрымліваецца. Чаму?
Беларускі бок прапануе перамовы на палітычным узроўні. Лукашэнка даў даручэньне міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову весьці перамоўны працэс. Прычым, як можна зразумець, Менск хацеў вырашыць праблему ў комплексе, увязаўшы ў адзін пакет праблему мяжы з пытаньнямі санкцый і інш.
Літоўскі бок гатовы весьці перамовы толькі на тэхнічным узроўні, і толькі па вузкай тэме крызісу на мяжы. Бо перанос дыялёгу на палітычны ўзровень азначаў бы фармальнае прызнаньне рэжыму Лукашэнкі, ягоную легітымізацыю. Да таго ж, Вільня не гатовая весьці перамовы па шырокім коле пытаньняў, бо ў пэўным сэнсе зьвязаны рашэньнямі ЭЗ, накіраванымі па ізаляцыю афіцыйнага Менску.
Абодва бакі ўскладаюць надзею на чаканы візыт у Менск амэрыканскай дэлегацыі на чале з Джонам Коўлам, які цяпер займеў больш высокі статус — спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі. Можа стацца так, што крызіс на беларуска-літоўскай мяжы стане галоўнай тэмай перамоваў. У гэтым зацікаўлены ўсе бакі. Вырашэньня балючай праблемы чакае Літва.
Вырашэньне беларуска-літоўскага крызісу папоўніць міратворчую калекцыю Дональда Трампа, ён можа аб’явіць гэтае прымірэньне ў якасьці выніку сваіх высілак па дасягненьні міру ва ўсім сьвеце.
А Менск, у дадатак да чаканага аднаго падарунку Трампу (вызваленьня 50 палітвязьняў), можа уручыць Коўлу яшчэ і прэзэнт у выглядзе замірэньня на мяжы зь Літвой, паабяцаўшы спыніць атакі мігрантамі і балёнамі. Ды яшчэ і вызваліць палітвязьня Анджэя Пачобута ў дадатак, што выкліча падзяку Вашынгтону з боку Варшавы. Тры ў адным.
І за такія шчодрыя падарункі Лукашэнка запатрабуе зьняцьце санкцый з беларускага калію. Нагадаю, што 6 лістапада ЗША аб’явілі калій стратэгічным таварам, неабходным для эканомікі і бясьпекі краіны.
Але пакуль незразумела, ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву капіталізаваць гэты крызіс на мяжы зь Літвой. Ва ўсялякім разе пакуль Беларусь нясе толькі страты. Было закрыцьцё мяжы з Польшчай, цяпер закрыцьцё мяжы зь Літвой. І тут страты не толькі эканамічныя. Бо транзытны статус Беларусі — гэта стратэгічны рэсурс краіны. І гэты рэсурс рэжым Лукашэнкі бяздарна траціць, правакуючы канфлікты з суседзямі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное