Политика

Карбалевіч: «У замежнай палітыцы Беларусі адначасова рэалізуюцца два процілеглыя трэкі»

Ад канфлікту да дыялёга. Як замежная палітыка Беларусі шукае раўнавагу, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

У замежнай палітыцы Беларусі адначасова рэалізуюцца два процілеглыя трэкі. Адзін зь іх арыентаваны на супрацьстаяньне з Захадам, другі — на дыялёг зь ім. Яны дрэнна сумяшчаюцца, часам узаемна нэўтралізуюць адзін другога. І абодва моцна залежыць ад вонкавых працэсаў.

На міжнародным парадку дня — новае абвастрэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам. Адміністрацыя ЗША бярэ курс на пастаўку сучаснай зброі Ўкраіне, Дональд Трамп паабяцаў увесьці жорсткія санкцыі супраць РФ, калі Крэмль ня спыніць вайну. Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне.

Гэтае абвастрэньне наўпрост тычыцца Беларусі. Новыя санкцыі ЭЗ закранаюць беларускія банкі, кампанію «Легмаш», ВПК.

У гэты трэнд арганічна ўпісваецца абвастрэньне адносін Беларусі з суседзямі. 10 ліпеня з боку Беларусі ў Літву заляцеў бесьпілётнік «Гербера» расейскай вытворчасьці. З гэтай нагоды Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам і патрабаваньнем тлумачэньняў.

Амаль адначасова адбылася эскаляцыя канфлікту на беларуска-польскай мяжы. 16 ліпеня міністар нацыянальнай абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў аб нарастаньні агрэсіі з боку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі. Паводле яго, польскія жаўнеры падвяргаюцца нападам не толькі з камянямі, але і з бутэлькамі, напоўненымі гаручымі вадкасьцямі.

Згодна з праведзеным інфармацыйнай агэнцыяй «Позірк» аналізам, з пачатку года Польшча перадухіліла 16,3 тыс. спроб незаконнага пранікненьня мігрантаў з беларускай тэрыторыі, у тым ліку за 16 ліпеньскіх дзён — 1,7 тыс.

У межах гэтага самага трэнду на абвастрэньне адносін з Захадам варта адзначыць сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад 2025», якія пройдуць тут у верасьні і моцна напружваюць суседнія краіны.

Таксама пад Асіповічамі актыўна будуецца інфраструктура для разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі. Да канца году паабяцана зьяўленьне ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік». Плюс да ўсяго гэтага новая, больш моцная хваля палітычных рэпрэсій, якую назіраюць праваабаронцы. Ужо не кажучы пра агрэсіўную рыторыку, якую дэманструе Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы.

Усе гэтыя падзеі ёсьць інэрцыя працэсу, запушчанага ў 2020 годзе і атрымаўшага паскарэньне з пачаткам нападу Расеі на Ўкраіну.

Аднак адначасова год таму быў запачаткаваны процілеглы трэк. Адбылася цэлая сэрыя памілаваньняў палітвязьняў, што ўсе расцанілі як сыгналы Захаду з прапановай пачаць дыялёг. Была заява беларускіх вайскоўцаў пра зьмяншэньне маштабу вучэньняў «Захад 2025» і пераносу іх далей ад мяжы.

Кульмінацыяй гэтага трэку стаў візыт у Менск спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага. Яшчэ можна адзначыць прапанову беларускага боку Польшчы правесьці перамовы па лініі вэрыфікацыйных ведамстваў з дапамогай тэлефоннай або відэасувязі дзеля зьніжэньня патэнцыйных рызык узброеных сутыкненьняў.

Вось такія два процілеглыя трэкі адначасова рэалізуюцца ў замежнай палітыцы Беларусі. Яны дрэнна сумяшчаюцца, часам узаемна нэўтралізуюць адзін другога.

Прычым, калі першы трэк, арыентаваны на супрацьстаяньне з Захадам мае характар каляі, набыў уласную інэрцыю і рух па ім адбываецца нібы ў аўтаматычным рэжыме, то процілеглы трэк на дыялёг патрабуе шмат высілак, бо адбываецца на супрацьходзе з лініяй афіцыйна дэкляруемага мэйнстрыма.

Але ўся праблема ў тым, што цяпер замежная палітыка Беларусі моцна залежыць ад вонкавых працэсаў. Ад дачыненьнях паміж Расеяй і ЗША, ад гатоўнасьці ЭЗ стаць моцным суб’ектам палітыкі, ад таго, як закончыцца расейска-ўкраінская вайна і іншых чыньнікаў.

Застаецца толькі правільна ацаніць гэтыя вонкавыя абмежавальнікі і адэкватна на іх рэагаваць. Атрымліваецца не заўсёды ўдала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(5)