Мікіта Лосік: «Пагражалі: «Ты хочаш да брата ў суседнюю камэру?». Я пажартаваў: «Было б добра, даўно ня бачыліся»
Фонд BySol паведаміў пра эвакуацыю Мікіты Лосіка, якога асудзілі на 3 гады «хіміі» па справе «Беларускага Гаюна». Мікіта зараз у бясьпецы ў эўрапейскай краіне. У размове са Свабодай ён расказаў пра тое, чаму вырашыў адправіць фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну».

Інжынэр-праграміст на інструмэнтальным заводзе
25-гадовы Мікіта Лосік працаваў інжынэрам-праграмістам на Аршанскім інструмэнтальным заводзе. Родам ён з Баранавічаў, скончыў там гімназію з высокімі балам — 9,3. Хацеў паступаць у Менск, у БНТУ. Але вырашыў вучыцца ў родным горадзе — паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на інжынэрны факультэт, спэцыяльнасьць інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі.
Вучыўся на бюджэце, таму паехаў працаваць у Воршу па разьмеркаваньні. Праца і калектыў хлопцу падабаліся, таму адпрацаваўшы абавязковыя 2 гады Мікіта застаўся працаваць на заводзе.
Ён расказвае, што неяк на пачатку лютага 2023 году ішоў з працы — завод знаходзіцца побач з чыгункай — і ўбачыў эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай.
— Ва ўсіх афіцыйных навінах і СМІ нам кажуць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяньнях, што Беларусь — мірная краіна. Ды нас зь дзяцінства выхоўвалі, што вайна — гэта страшна, «не вайне». А тут па нашай беларускай тэрыторыі вязуць расейскую тэхніку на вайну!
Мяне гэта вельмі раззалавала і абурыла — вязуць у адкрытую, не ўначы, а сярод бела дня цэлы эшалён танкаў, зэнітны ўстановак зь літарамі «Z» i «V», у вагонах, пазначаных абрэвіятурай РЖД — расейскія вайскоўцы. Ну я і зрабіў некалькі здымкаў і даслаў «Беларускаму Гаюну», — так тлумачыць той свой учынак Мікіта.
«Стаць на калені, рукі ў кайданкі»
Больш чым праз 2 гады, 9 красавіка 2025-га, а 6-й раніцы ў дзьверы інтэрнацкага блёка, дзе жыў Мікіта, хтосьці пачаў вельмі гучна барабаніць. Хлопец падумаў, што нейкі п’яны сусед забыўся ключы.
Сусед, які жыў у адным пакоі зь Мікітам, пайшоў адкрываць: на парозе «маскі-шоў» — васьмёра сілавікоў у поўнай баявой экіпіроўцы, з аўтаматамі. Суседа па пакоі паклалі тварам у падлогу. Мікіта спачатку падумаў, што шукаюць нейкага злачынцу. Уварваліся ў пакой — Лосіка таксама паклалі на падлогу. Потым опэрупаўнаважаны, які адзіны быў бяз маскі, паказаў яму перапіску з «Беларускім Гаюном».
— Гэта перапіска была ў лютым 2023 года. Я яе даўно выдаліў — адкуль яна ў сілавікоў, мне незразумела. Я спачатку ўсё адмаўляў — маўляў, ня ведаю, што гэта. Мне загадалі зьбірацца. Павялі ў бусік, што стаяў каля інтэрнату, загадалі стаць на калені, рукі закавалі ў кайданкі.
Пакуль я чакаў, зладзілі ператрус пакоя, знайшлі стары тэлефон, зь якога я гэта рабіў. Мяне павезьлі ў Віцебск. Па дарозе пагражалі: «Ты хочаш да брата ў суседнюю камэру?» (Брат Мікіты, палітвязень і журналіст Свабоды Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за пяць гадоў, ён атрымаў 15-гадовы тэрмін пазбаўленьня волі — РС). Я пажартаваў: «Было б добра, пакантактавалі б зь ім, даўно ня бачыліся». Жарт яны не ацанілі, — узгадвае Мікіта дзень затрыманьня
ІЧУ без матрасаў і бялізны
Мікіту Лосіка прывезьлі да сьледчага, там ужо была адвакатка, узгадвае суразмоўца. Зьнялі адбіткі пальцаў. Абаронца параіла хлопцу ні ў чым прызнавацца, нічога не камэнтаваць, пакуль яна не азнаёміцца са справай. На першым допыце пыталіся пра працу, пра суседзяў па інтэрнаце, пра калег. Учечары Мікіту адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
— У ІЧУ умовы ўтрыманьня жорсткія: як у 2020-м. Палітычных пастаянна трымаюць у кайданках, ім мяняюць камэры, матрасаў і бялізны не выдаюць, сьпіш на голым мэталічным каркасе альбо на падлозе. Уначы не выключаюць сьвятло, 2 — 3 разы за ноч — праверка. Супрацоўнікі ладзяць правакацыі, запалохваюць іншых сядзельцаў — каб нічым не дзяліліся з палітычнымі. Карацей, умовы ўтрыманьня — жэсьць. Мяне, праўда, ня білі. Толькі абражалі, — распавядае Мікіта.

У ІЧУ ён правёў 3 дні. Прыходзілі супрацоўнікі КДБ, якія, як падалося Мікіту, нічога не знайшлі ні ў тэлефоне, ні ў кампутары, акрамя аднаго хэштэга ў інстаграме «Не вайне» і старога статусу «Вконтакте» з бел-чырвона-белым і ўкраінскім сьцягамі, за што пазьней на яго завялі яшчэ і адміністрацыйную справу.
— Супрацоўнікі КДБ заводзілі правакацыйныя размовы: «А калі б перамагла Ціханоўская, было б лепш?» Я не паддаваўся на такія размовы. Опэр таксама мне казаў: «Ты думаеш, гэта казка, што ты нічога не рабіў, цябе выратуе? Ты хацеў краіну разбурыць, хацеў, каб і ў нас вайна была?» Ня ведаю, ці верыць ён сам у гэта, але казаў пераканаўча, — кажа Лосік.
Мікіта сьцьвярджае, што палітычных і ў Віцебскім ІЧУ, і ў СІЗА было вельмі шмат. Хоць адміністрацыя старалася, каб яны менш перасякаліся адзін з адным, зусім разьдзяліць іх не атрымлівалася. У кожнай камэры было па 2- 3 чалавекі з «прафулікам».
Паводле суразмоўцы, некалькі дзясяткаў чалавек, затрыманых па справе «Беларускага Гаюна», знаходзіліся толькі ў Віцебскім СІЗА. Былі таксама людзі, затрыманыя за данаты, за камэнтары.
Тых, хто праходзіў, па справе «Беларускага Гаюна», стараліся асудзіць хутка, укласьціся ў 3 месяцы. Іншыя палітычныя сядзяць пад сьледзтвам даўжэй, па паўгода і больш. Па іх справах робяць экспэртызы, дасьледуюць тэхніку.
Мікіта расказвае, што апошнія паўтара месяцы сядзеў наагул без адзінага допыту, сьледчых дзеяньняў. У канцы траўня ён пачаў знаёміцца са справай, якая мела 4 тамы. Мікіту Лосіка абвінавацілі толькі паводле часткі 1 артыкула 361-4 (садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Пракурор даволі хутка азнаёміўся са справай — за 3 дні. Ён зьняў з абвінавачваньня «абцяжарваючыя абставіны», кшталту «распальваньня варажнечы».
«Судзьдзя «падабрэў», даў мне шанец узгадніць пазыцыю з адвакатам»
2 ліпеня пачаўся суд — працэс вёў старшыня суду Чыгуначнага раёна Віцебска Раман Дэгода. Адразу было вядома, што працэс будзе цягнуцца два дні — 2 і 8 ліпеня.
«Лосік М.А. у дакладна нявызначаны пэрыяд часу, але не пазьней за 16.50 10 лютага, знаходзячыся ў Воршы (дакладнае месца ня вызначана)… маючы намер на садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — зачытвала маладая пракурорка абвінавачваньне.
Пытаньняў абвінаваўца Лосіку не задавала. Затое яе функцыі ўзяў на сябе судзьдзя, распавядае Мікіта.
— У матэрыялах справы спрэс было апісаньне сацсетак, груп — адкульсьці яны «адкапалі» падпіскі на тэлеграм-каналы, якія я наагул не глядзеў. Альбо на якія некалі быў падпісаны, але даўно адпісаўся. І 4 фота з расейскай вайсковай тэхнікай. Я казаў, што пра «Беларускага Гаюна» наагул нічога ня ведаў, хацеў даслаць фота Антону Матольку, але ўбачыў спасылку на «Гаюн».
Судзьдзя кажа: «Як гэта вы ня ведалі, куды і каму дасылаеце?». З аднаго боку, ён перакручваў мае словы, што я, маўляў, «штосьці прызнаю, а іншае не — так не працуе». А потым раптам судзьдзя «падабрэў» і даў мне шанец узгадніць сваю пазыцыю з адвакатам, — узгадвае першы дзень суду Мікіта.
Прысуд і штраф
8 ліпеня на працэсе разгледзелі астатнія 4 тамы справы. Пракурорка запрасіла спачатку 4 гады рэальнай хіміі. Праз 4 гадзіны абвесьцілі прысуд — 3 гады хіміі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мікіту вызвалілі з-пад варты ў залі суда.
Калі Мікіта Лосік знаходзіўся ў СІЗА па крымінальнай справе, яго асудзілі завочна яшчэ і па адміністрацыйнай справе — за аватарку са сьцягамі і хэштэгам «не вайне». Завочна Лосіка аштрафавалі на 80 базавых велічыняў (3360 рублёў).
Празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня прысуду Мікіта вырашыў зьехаць з краіны.
— Я, канечне, узрадаваўся, што атрымаў не турэмны тэрмін, а «хімію». Але я шмат чытаў пра ўмовы на «хіміі», дый у СІЗА мы з хлопцамі абмяркоўвалі, што жыць спакойна не дадуць. За дробную правіну — парушэньне. Пасьля трох парушэньняў могуць зьмяніць рэжым хіміі на рэальную калёнію. Думаў таксама, што і маё прозьвішча будзе мне перашкаджаць. Таму адважыўся на выезд з краіны, хоць гэта было і нялёгкае рашэньне, — расказвае Мікіта.
Фонд BYSOL абвесьціў збор, каб дапамагчы Мікіту Лосіку адаптавацца і пачаць жыцьцё ў новай краіне. Падтрымаць яго, калі вам гэта небяспечна, можна па спасылцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное