Общество

«Прайшоў у Жодзіна і правакатараў, што мелі па сем адсідак, і педафілаў, якіх падкідвалі ў камеру»

Былы журналіст пулу Лукашэнкі — пра тое, як яго ламалі псіхалагічна ў баранавіцкім СІЗА.

Дзмітрый Сёмчанка з жонкай Юліяй. Фота: сацсеткі

— Калі сядзеў у баранавіцкам СІЗА, то мяне пасадзілі на так званы ровар. Гэта калі кожны дзень цябе кідаюць у розныя камеры, — піша былы палітзняволены Дзмітрый Сёмчанка. — Робіцца, каб зламаць псіхалагічна. Табе прыходзіцца штодзень «уваходзіць у хату». 

Ты не ведаеш, хто там і кожны раз рыхтуешся да бойкі. Я тады ўжо прайшоў у Жодзіна і правакатараў, што мелі па 7 адсідак, і педафілаў, якіх падкідвалі ў камеру, каб потым можна было запалохаць «нізкім статусам» і шантажаваць тым, што сам пойдзеш у так званыя «пеўні».

Мне пашчасціла, таму што ва ўсіх выпадках атрымалася прымусіць менавіта непажаданых гасцей пакінуць камеру. У пэўных выпадках гэта было праз кроў, бо ты сам не павінен «ламіцца», то бок грукаць у дзверы і прасіць варту цябе забраць.

Ну дык вось уявіце мой стан у Баранках, калі праз дзень мяне заводзілі ў новую камеру. Ты толькі пазнаёміўся, зрабіў маленькі выдых, а цябе зноў кідаюць у невядомасць.

Але была адна рэч, якая дапамагла мне вытрымаць. Гэта была песня, што кожны дзень гучала па радыё ў калідоры. У якую б камеру ні закінулі. Сорамна, што да таго моманту я не чуў яе, але таму і ўражанне было больш моцнае. У гэтай песні было столькі сілы і такой простай веры ў будучыню, што я казаў сабе: «Сцісні зубы і прайдзі гэты шлях з узнятай галавой!»

А мяне чакалі яшчэ больш за два гады зоны. Я не разумеў усіх словаў, нават не мог зразумець чаму ў французскай песне гішпанскі выраз, але мне быў не патрэбны пераклад. Я слухаў сэрцам.

 Qué vendrá? (Што потым?)

Не так важна, што будзе потым. Галоўнае, каб сэрца працягвала чуць. І ў гэтыя дні я вас зноў чую, мае родныя беларусы і найлепшыя ў свеце беларусачкі!

У верасні Дзмітрый Сёмчанка разам з сям’ёй пакінуў Беларусь. З верасня 2023-га па ліпень 2025-га ён знаходзіўся ў зняволенні. Быў прызнаны палітычным зняволеным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)