Общество

Севярынец: «Былі створаныя ўсе ўмовы, каб добра абдумаць прапанову. У выніку «Трудовой путь» застаўся без карэспандэнта»

Палітык расказаў, як яго кідалі ў ШIЗА за адмову супрацоўнічаць з адміністрацыяй турмы.

— У чэрвені 2024 года ў Гарадзенскай турме мне ветліва прапанавалі супрацоўнічаць з адміністрацыяй, — піша Павел Севярынец. — Прапанова была зроблена на «камісіі» — гэта калі турэмнае начальства збіраецца ў адмысловым кабінеце, а вязняў аднаго за адным заводзяць у той кабінет, разглядаюць паперы, аформленыя за якое-небудзь парушэнне — і прызначаюць пакаранне.

Павел Севярынец

Само сабой, да прапановаў, якія гучаць у гэтым кабінеце пад уключаную камеру, вязні ставяцца ўважліва — бо следам за тваім адказам гучыць вырак начальніка.

— Северінец, тут у вас рапорт за нарушеніе формы одежды. Нарушаете. Плохо... Не хотіте ісправляться. Вот что с вамі делать?..

Начальнік запытальна аглядвае сваю каманду. Маўляў, безнадзейны выпадак. Афіцэры грэбліва крывяць вусны, тыпу, гэтага рэцыдывіста хіба што магіла паправіць.

— Слушайте, вы же работалі журналістом. Напішіте нам что-нібудь для «Трудового путі».

Стоп. Прыехалі.

— Грамадзянін начальнік, я ж экстрэміст. Як я магу што-небудзь напісаць, ды яшчэ ў газету Дэпартамента выканання пакарання!

— А вы попробуйте, — лагодна працягвае начальнік. — Мы, еслі что, отредактіруем.

— Мае кнігі прызналі экстрэмісцкімі, — кажу. — А ўявіце, што будзе, калі прызнаюць хаця б адну публікацыю ў «Трудовом путі»!

— Ды вы хоть стіхі напішіте, — пачынае губляць цярпенне начальнік. — Мы ж знаем, умеете.

— Грамадзянін начальнік...

— Да, нет?

— Не.

— Десять суток ШІЗО. Ідіте, подумайте.

читайте также

Думаў я, карацей, да канца жніўня. Камісія за камісіяй. Суткі за суткамі. Дзяжурны пры абходзе камераў ШІЗА прыязна цікавіўся, ці не ціснуць на мяне сцены. Начальнік паглядваў пільным вокам. Былі створаныя ўсе ўмовы, каб добра абдумаць прапанову. У выніку «Трудовой путь» застаўся без карэспандэнта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)