«Вялікая колькасць палітвязняў фактычна знаходзіцца ў пажыццёвым зняволенні»

Праваабаронца — пра тое, чаму важна дакументаваць злачынствы рэжыму і гаварыць уголас не толькі пра катаванні.

Апошнім часам шмат хто з палітвязняў, якія выходзяць на волю, адмаўляюцца нават ад ананімных інтэрв’ю журналістам і праваабаронцам. Не толькі з-за страху, але і таму, што расчараваліся: дагэтуль ніхто з тых, хто аддаваў у Беларусі злачынныя загады і выконваў іх, не быў прыцягнуты да адказнасці.

— Для мяне абсалютна зразумела, чаму людзі не распавядаюць свае гісторыі, — патлумачыў у адказ на пытанне «Салідарнасці» на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Уладзь Лабковіч. — Я не баюся за сваіх родных, дзякаваць богу, яны не ў Беларусі. І асабіста мне ёсць што распавесці, толькі прашу для гэтага часу.

Безумоўна, пра гэтыя гісторыі трэба распавядаць і не расчароўвацца ў тым, што зараз хтосьці не панёс адказнасці. Бо вельмі важна ўсё задакументаваць, каб гэтая інфармацыя засталася. Нават калі яна зараз закрытая для журналістаў, але каб яна была даступная для праваабаронцаў, адмыслоўцаў, якія займаюцца міжнароднымі механізмамі прыцягнення да адказнасці.

— Ці плануеце вы ініцыяваць нейкія кейсы ў міжнароднай юрысдыкцыі, каб злачынцы адказалі за тое, што робяць?

— Не планую, бо такая ініцыятыва ўжо ёсць, гэтым займаюцца мае калегі-праваабаронцы. І гэта вялікая каманда, у тым ліку прафесійных юрыстаў-міжнароднікаў.

Таму я прашу ўсіх, хто вызваліўся, распаўсюджваць гэтую інфармацыю.

Перакананы: тыя, хто мусяць быць прыцягнуты да адказнасці, будуць да яе прыцягнутыя рана ці позна. Але нават тое, што мы будзем сведчыць і гучна пра гэта казаць — важны крок да таго, каб працэдуры катавання былі спыненыя.

І трэба засяроджвацца не толькі на катаваннях, але не забывацца на тое, што шмат да каго з людзей, асабліва ў Жодзіне, ужываюцца іншыя формы ціску. У прыватнасці, знакаміты артыкул 411 («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі», паводле яго людзям, якія ўжо мусяць вызваліцца, падаўжаюць тэрмін — С.). Я не ведаў ніколі ў жыцці, да свайго сораму, маштабы прыцягнення людзей па гэтым артыкуле.

Нам трэба не толькі вызваляць людзей, але і пераламаць гэтую практыку. Бо вялікая колькасць палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі, калі не будзе ніякіх іншых працэдур гуманітарнага вызвалення, як зараз — фактычна знаходзяцца ў пажыццёвым зняволенні. Як бы жахліва гэта ні гучала.

Пагроза пралангацыі тэрміна надзвычай проста рэалізуецца.

Я сам так «нахапаў» дадатковых артыкулаў, ужо калі адбываў пакаранне па прысудзе, які быў вынесены. Накідваліся артыкул 361 («арганізацыя экстрэмісцкага фармавання», а я, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч разглядаліся як арганізатары «экстрэмісцкага» праваабарончага цэнтру «Вясна»), потым артыкул 356 («здрада радзіме»), аб якім са мной доўга ці то гутарылі, ці то дапытвалі ў СІЗА КДБ.

А ў жодзінскай турме ўжо адкрыта сказалі: маўляў, да лютага мы табе «арганізуем 411-ы». У мяне набралося пад 30 «парушэнняў парадку адбыцця пакарання», я вельмі-вельмі злосны парушальнік рэжыму быў.

Раней гэты артыкул прымянялі ў асноўным да крымінальнікаў, цяпер — да палітычных. І гэтага дастаткова, каб год, паўтара, два накідваць бясконца.

Мне расказвалі сукамернікі ў Жодзіне выпадак, што за тыдзень да вызвалення чалавека па «палітычнай» справе, турма пачала афармляць дакументы на вызваленне, ён ужо атрымліваў паперы, каб замацавацца ў службе занятасці — і тут яго выклікалі і паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па 411 артыкуле.

Таму ў маім досведзе самым цяжкім стаў 2025 год, калі людзі ўжо выходзілі на волю. І да самага апошняга моманту я не ведаў, што мяне менавіта вызваляюць. Вельмі важна спыніць гэтыя каткі і як мага хутчэй вызваляць людзей. Іх тэрміны — на жаль, гэта не значыць, што яны даседзяць «да званка» і выйдуць.