Общество

Як атрымлівалі навіны пра вайну і ці магчыма ў беларускай турме размаўляць па-беларуску? Інтэрв’ю Яўгена Меркіса

Сярод вызваленых і прымусова экспатрыянаваных 11 верасня беларускіх палітвязняў быў Яўген Меркіс. Гомельскі журналіст, які цяпер знаходзіцца ў Літве, адказаў на пытанні Флагштока.

Яўген Меркіс быў асуджаны на 4 гады зняволення за супрацоўніцтва з  «Белсатам» і «Флагштокам» – па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» і «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Яўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення. Фота: Андрэй Павук

«Ціснулі, палохалі цяжкімі артыкуламі»

Журналіст прабыў у няволі амаль поўных тры гады. Яго затрымалі 13 верасня 2022 года.

«Зранку паступіў званок: дзяўчына з падаткавай інспекцыі папрасіла пад'ехаць, каб быццам вырашыць нейкае пытанне. Перад выхадам з дому загадзя напісаў калегам, папярэдзіў, што калі хутка не выйду на сувязь, то мяне затрымалі. «Трывожны чамаданчык» ужо быў гатовы.

Іду да паркоўкі, бачу 5-6 мужчын у цывільным, паспеў заскочыць у машыну, заблакаваў дзверы. Спрабаваў набраць тату, але мне пачалі грукаць у шыбу, паказваць, што будуць зараз разбіваць шыбы, заблакавалі мяне сваімі машынамі», – узгадвае Яўген.

Затрыманнем кіраваў малады КДБшнік. Пасля, калі журналіст быў у СІЗА супрацоўнік КДБ прыходзіў да Яўгена і спрабаваў выцягнуць інфармацыю: як фінансуецца Белсат, хто з журналістаў працуе ў Беларусі, хто кіруе Флагштокам:

«Ціснулі, палохалі некалькімі цяжкімі артыкуламі. Але я катэгарычна адмовіўся. З таго часу КДБшнік болей не прыходзіў».

На судзе выклікалі сведкаў, але іх набор быў вельмі дзіўным. Дапытвалі ў тым ліку сяброў, а адной са сведкаў была жанчына, якая часта з'яўлялася на розных івентах, прыкідвалася «сваёй», а пасля давала сведчанні як супраць Ларысы Шчыраковай, так і супраць Яўгена:

«Гэта Жанна Пікоўская, якая давала паказанні, што я прыходзіў на мерапрыемствы з мікрафонам з лагатыпам Белсату, хаця ў мяне такога мікрафону не было. У выніку прысуд мае абсурдныя формулы, дзе напісана размытай мовай пра тое, што я мог сфарміраваць у людзей нейкае негатыўнае стаўленне, і за гэта я пакараны».

«Падыход, які вельмі псуе жыцце, – зэк не павінен мець вольнага часу»

Пасля прысуду Яўгена накіравалі ў калонію ў Шклоў:

«Хоць раней у СІЗА і калоніях ніколі не сядзеў, але дзякуючы кнігам, расповедам савецкіх дысідэнтаў уяўляў, як выглядае сістэма. Таму мне асабіста было лягчэй, бо гадамі быў у тэме».

Аднак цяжкасці Яўген перажываў як і ўсе «палітычныя»: забарона наведваць спортзал, стадыён, нават бібліятэку і царкву. Даводзілася пастраянна быць у напружанні, бо трэба было сачыць за тым, што адбываецца навокал, і за сабой:

«Каб не далі якога парушэння, а тым больш вакол стукачы, і не ведаеш дакладна хто менавіта. Сістэма прасякнута ўстаноўкай: зэк павінен пакутаваць. Падыход, які вельмі псуе жыцце, – зэк не павінен мець вольнага часу. Адміністрацыя стварае вельмі шчыльны графік.

Акрамя прымусовай працы – розныя лекцыі дадаткова, дзяжурствы, як у войску трэба стаяць на тумбачцы ў атрадзе, грамадскія працы часта безсэнсоўныя, прагляды фільмаў на выходных. Таму зэкі вельмі выматаныя».

Яўген, які ў паўсядзённым жыцці размаўляе па-беларуску, практыкаваў гэта і ў СІЗА, але не ў калоніі:

«У шклоўскай калоніі мне хутка далі зразумець, што ў цябе будуць гіганцкія праблемы. І на прыкладах іншых сядзельцаў стала зразумела, што я яшчэ больш прыцягну да сябе ўвагу, і пачнуць кідаць у ШІЗА, дзе можна нават за пару дзен пасадзіць здароўе. Потым – ПКТ, крытая турма».

Яўген бачыў у калоніі шмат людзей, якія хутка псіхалагічна зламаліся, нехта пачынаў вар'яцець. Фонам у многіх адбываліся сумныя падзеі: смерці блізкіх, разводы. Цяжка было пераносіць тое, што «палітычным» забараняюць ліставацца з сябрамі, важнымі табе людзьмі, а дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі.

«Дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі»

Як журналісту Яўгену цікава было імкнуцца сачыць за навінамі, якія ўдавалася атрымліваць вельмі абмежавана – толькі з дзяржаўных радыё і тэлебачання. Асабліва – пра ход вайны Расіі супраць Украіны, бо да затрымання Яўген, нягледзячы на небяспеку, імкнуўся фіксаваць сітуацыю з прысутнасцю ў Гомелі расійскіх войскаў і дзяліцца інфармацыяй з незалежнымі медыя.

«Пры праглядзе тэлебачання ў калоніі цанілі перадачы расійскай прапагандысткі Скабеевай, бо яна з мэтай высмейвання паказвала замежную хроніку, урыўкі рэпартажаў замежных СМІ, часам былі бачныя бягучыя радкі, і дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі.

Штосьці распавядалі «белыя» [непалітычныя крымінальнікі], якія атрымлівалі інфармацыю на спатканнях з роднымі. Дзяліліся, хто што чуў, абменьваліся навінамі, бачылі агульны трэнд», – гаворыць Яўген.

Ён адзначае, што асноўнай крыніцай навін было тэлебачанне, якое часам уключалі:

«Самае каштоўнае ў навінах на дзяржТБ – бягучыя радкі, інфармацыя з якіх не заўсёды трапляла ў змантаваныя сюжэты. Звярталі ўвагу, на чым акцынтуецца прапаганда. І далей спрабавалі аналізаваць. Нават газета «СБ» магла быць крыніцай інфармацыі – уважліва чыталі вялікія тэксты і часам знаходзілі там пару каштоўных радкоў».

«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі»

Пра тое, што ідзе праца па вызваленні палітвязняў, у калоніі разумелі з афіцыйных навін:

«Шокам для ўсіх стала, што выпусцілі Сяргея Ціханоўскага. Здавалася, што мы тут робім, калі ўжо нават Сяргея вызвалілі? Таму чакалі вызвалення, але працэс адбываўся раптоўна».

Яўген меркаваў, што яго разам з іншымі палітвязнямі могуць вывезці за мяжу – так і адбылося. З'язджаць з Беларусі ён не хацеў:

«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі. Але зараз гэта немагчыма. Разумею, што калі б я паспрабаваў вярнуцца, альбо калі б мяне вызвалілі па сканчэнні тэрміна, была б гіганцкая рызыка, што мяне ў любы момант без прычыны маглі б зноў затрымаць. Таму бліжэйшыя планы пакуль – прыйсці ў сябе».

Яўген хацеў бы далей рэалізоўваць свае навыкі, калі для гэтага з'явяцца ўмовы:

«Не ўпэўнены, што гэта будзе журналістыка. Магчыма – уласны блог, аналітыка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(8)